|
Реализация районных мероприятий по проведению Года родной земли ПАСАДЗІ СВАЁ ДРЭВА Месячнік па навядзенню парадку на зямлі, аб’яўлены раённым штабам па добраўпарадкаванні, актыўна падтрымалі ў аддзеле адукацыі. Разам з аддзелам будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама былі вызначаны мікрараёны райцэнтра, якія патрабуюць больш інтэнсіўнага азелянення.
Прайшла акцыя “Пасадзі дрэва”. Каля сарака юнакоў, вучняў 10-11 класаў СШ № 1, арганізавана выйшлі ў парк, у двары на вуліцах Кароткіна, Сіпко, Юбілейнай, да новага мікрараёна “верхняга горада”, да возера. Вынік добрай справы – 200 клёнікаў, якія неўзабаве будуць радаваць жыхароў пасёлка сваімі прыгожымі шатамі. Між іншым, як паведаміла метадыст аддзела адукацыі В. М. Касцюк, акцыя працягнецца да 20 кастрычніка, азеляняць родныя мясціны выказалі жаданне ўсе ўстановы адукацыі раёна.
З ПАВАГАЙ І ПАШАНАЙ Маладым усюды ў нас дарога, пажылым — пашана і любоў. Менавіта з такіх пазіцый і зыходзіла кіраўніцтва раённага савета ветэранаў, ладзячы свята для пажылых людзей. Для іх у зале Дома культуры гучалі прачулыя словы пашаны і падзякі за тое, што, паклаўшы ў свой час нямала здароўя на алтар Вялікай Перамогі і стваральнай працы, яны і сёння не сядзяць склаўшы рукі — клапоцяцца пра росквіт роднага краю. Сярод запрошаных на свята — аўтарытэтныя старэйшыны вёсак, актывісты, людзі нераўнадушныя і майстравыя. Працы тых, хто не парывае з творчасцю і фантазіяй, упрыгожылі выставу, якую наладзілі ў фае ДК.
А галоўная святочная дзея пачалася з песні і шчырых слоў дзетак, якія выйшлі на сцэну. Гучалі цёплыя і трапныя вершаваныя радкі, гучаў па сутнасці запавет любіць і шанаваць тое, што пакінулі ім у спадчыну дзяды. Удзячнасць за актыўную жыццёвую пазіцыю шаноўных людзей раёна чырвонай ніткай прайшла праз даклад старшыні раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікавай. Кацярына Фамінічна адзначыла, што ўмее ветэран і змястоўна адпачыць, і перадаць свой вопыт маладым. Клапоцяцца ўлады пра здароўе пажылых людзей, ладзяць для іх вечары-партрэты, святы і вечары адпачынку. Затым на трыбуну ўзнімаецца намеснік старшыні абласнога савета ветэранаў Л. Ф. Мацкевіч. Леанід Францавіч уручае грамату абласнога савета ветэранаў старэйшыне вёскі Сянькова Сіроцінскага сельсавета Ефрасінні Сысоеўне Лявонавай, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, жыхарцы вёскі Красамай Мішневіцкага сельсавета Марыі Дзмітрыеўне Івановай і жыхарцы г. п. Шуміліна Ганне Лук’янаўне Цвятковай. Узнагароды — за беражлівае стаўленне да роднай зямлі, за важкі ўклад у навядзенне парадку, за ўзорны асабісты падворак. Граматы ад раённага савета ветэранаў за актыўны ўдзел у раённым аглядзе-конкурсе “Мая зямля — мой родны дом” К. Ф. Палоўнікава ўручыла Леакадзіі Казіміраўне Галімскай з в. Дабея, Алене Арсенцьеўне Леўчанковай і Эміліі Іванаўне Грэчка з Шуміліна, Раісе Дзмітрыеўне Каральковай з в. Пабеда Лаўжанскага сельсавета і Ніне Аляксееўне Сямёнавай з аграгарадка Светласельскі. Групе актывістаў раённага агляду-конкурсу “Мая зямля — мой родны дом” дыпломы райвыканкама ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Перад ўзнагароджаннем Ірына Мікалаеўна не прамінула сказаць цёплыя словы падзякі за працу, за неабыякавасць да лёсу Бацькаўшчыны. “Вы нашы галоўныя не толькі дарадцы, — сказала І. М. Новікава, — а і самыя непрадузятыя крытыкі…”. Як старшыня раённага штаба па добраўпарадкаванню, Ірына Мікалаеўна аб’явіла падзяку цэлай кагорце гаспадароў і гаспадынь, якія трымаюць свае падворкі ў ідэальным стане. Вядома, якое свята без песні, без майстэрства выразнага чытання вершаў?! Сваім талентам запрошаных на свята парадавалі самадзейныя артысты з Шуміліна, Сураўнёў і Слабады. Песенна-вершаваныя падарункі былі бадзёрыя і элегічныя, вясёлыя і трохі сумныя. Але ўсё адно — светлыя, падарункі ад душы тым, хто іх заслужыў.
СУБОТА. ПРЫБІРАЕМ СВОЙ ДОМ, СВАЮ ЗЯМЛЮ Руплівыя гаспадары звычайна ў суботу прыбіраюць дом, падворак. Дзякуючы раённаму суботніку, 19 верасня такіх рупліўцаў у нас значна прыбавілася. Удзельнікі суботніка ўкладвалі сваю працу літаральна на ўсіх працоўных франтах. Рабочыя дэсанты з прадпрыемстваў і арганізацый наводзілі парадак на падшэфных фермах, убіралі каменне з палёў. Праўда, начны дождж перашкодзіў рабоце на льняных палетках, і школьнай гвардыі райцэнтра (да вялікай радасці некаторых з іх) быў дадзены “адбой”.
Нядрэнны ўклад быў зроблены ў будаўніцтва. Апроч таго, што будаўнікі ўзводзілі 60-кватэрны дом у райцэнтры, 32-кватэрны — у Светласельскім, 10-кватэрны — у Мікіцісе, працавалі на аб’ектах аграгарадка ў Мішневічах, на ўзвядзенні храма ў Обалі, іншых будаўнічых пляцоўках, кіпела работа на ўзвядзенні новай фермы ў “Баравінцы”. Атрад добраахвотных памочнікаў з работнікаў райвыканкама і раённых службаў дапамагалі на падсобных работах, уборцы. Вялікі аб’ём работ выкананы па добраўпарадкаванню. Толькі на Обальскім керамічным заводзе, куды мы завіталі з намеснікам старшыні райвыканкама А. М. Зайцавым, у гэты дзень падрыхтавалі пляцоўку для стаянкі машын, добраўпарадкавалі тэрыторыю бітумнага завода, пераклалі горы цэглы. А яшчэ работнікі ОКЗ абкошвалі фермы Брыцікі і Грудзінава, высякалі кусты на вуліцы Леніна і на ўездзе ў пасёлак, прыбіралі тэрыторыі цэхаў. Шуміліна за час суботніка пабагацела на новыя пасадкі спірэі па вуліцы 70 год БССР, новыя метры тратуараў і кветнікі па Луначарскага, на вуліцы Сіпко знеслі аварыйныя дрэвы, на Акуцыёнка высеклі кустоўе. А ў сасонніку ў Светласельскім ішлі работы па падрыхтоўцы будучай лыжаролернай трасы. Думаецца, у хуткім часе яна стане не толькі месцам трэніровак нашых біятланістаў, але і любімым месцам адпачынку шумілінцаў.
|