Главная    Карта сайта    Написать письмо
Ru   En
Фотогалерея
Смотреть фото
Интернет-ресурсы
Погода на rp5.ru
Главная  >  Приемная райисполкома  >  Вопрос-ответ
Вопрос-ответ
01.08.2017
Сацыяльны работнік у дапамогу: каму, калі і як. Хто можа прэтэндаваць на сацыяльную дапамогу, на якія паслугі можна разлічваць і ці могуць адмовіць у іх прадастаўленні.

Працаваць сацыяльным работнікам не кожнаму па сілах, не кожны вытрымлівае, кажа загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Шумілінскага раёна Яфімія Мяленцьеўна Сянькова.

І гэта зразумела: працаваць з людзьмі заўсёды цяжка. І тут сацыяльнаму работніку трэба разумець усю спецыфіку работы і быць, як кажуць, і папялушкай, і псіхолагам: умець ісці на кампраміс, быць уступчывым, цярпімым, згладжваць вострыя вуглы. Але і чалавеку, які запатрабаваў сабе сацыяльнага работніка, трэба разумець, што гэта не слуга, які павінен выконваць любыя загады гаспадара, а работнік сацыяльнай установы, які мае службовыя абавязкі, што вызначаюць пералік і аб’ёмы выконваемых паслуг.

На памяці Яфіміі Мяленцьеўны, а працуе яна на гэтай пасадзе амаль 26 год, здараліся розныя выпадкі, і канфліктных сітуацый хапала, у якіх вінаватымі былі і адны, і другія. Таму лепш будзе для ўсіх, калі паміж людзьмі будзе існаваць павага, узаемаразуменне і атмасфера добразычлівасці.

Каму паложаны сацыяльны работнік?

Згодна з Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 26.01.2013 г. №11 «Аб некаторых пытаннях аказання сацыяльных паслуг дзяржаўнымі арганізацыямі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі» сацыяльныя паслугі на даму аказваюцца непрацаздольным грамадзянам. Да іх ліку адносяцца інваліды I i II груп, а таксама грамадзяне, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту і маюць права на дзяржаўную пенсію, з улікам іх патрэбнасці ў сацыяльным работніку. Тут найперш улічваюцца паказанні і супрацьпаказанні да абслугоўвання, вызначаемыя ўстановамі аховы здароўя. Для таго, каб атрымаць сацыяльныя паслугі на даму, чалавеку неабходна звярнуцца ў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства, заключыць дагавор. Сацыяльныя паслугі аказваюцца на падставе заявы, медыцынскіх паказанняў і дагавора на сацыяльнае абслугоўванне, які вызначае віды, перыядычнасць іх аказання, час выканання, а таксама кошт абслугоўвання.

Платна ці бясплатна?

Бясплатна сацыяльныя паслугі на даму аказваюцца малазабяспечаным адзінокім непрацаздольным грамадзянам, чый сярэднедушавы даход ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму. На сёння гэта 197 рублёў 57 капеек. На ўмовах частковай аплаты сацыяльныя паслугі на даму могуць атрымліваць адзінокія непрацаздольныя грамадзяне, сярэднедушавы даход якіх не перавышае 200% БПМ , г. зн. 395 руб. 14 кап. Для астатняй катэгорыі насельніцтва прадугледжана поўная аплата.

На якія паслугі можна разлічваць?

Сацыяльныя работнікі прадастаўляюць некалькі відаў паслуг: сацыяльна-бытавыя, сацыяльна-медыцынскія, сацыяльна-рэабілітацыйныя – платна, сацыяльна-інфармацыйныя, кансультацыйныя, сацыяльна-педагагічныя, сацыяльна-пасрэдніцкія – бясплатна. Звычайна ў абавязкі сацыяльных работнікаў уваходзяць пакупка і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, лекаў і тавараў першай неабходнасці, дастаўка вады, дапамога ў прыгатаванні ежы, уборцы кватэры, распальванні печкі, іншыя паслугі. Усё, паўторымся, агаворваецца пры складанні дагавора. Кожны сацыяльны работнік вядзе журнал, куды запісваецца пералік уісх аказваемых ім паслуг. Пасля чаго падапечны ставіць свой подпіс.

Дадатковыя паслугі

Акрамя вызначаных у дагаворы паслуг, сацыяльны работнік можа аказваць некаторыя разавыя паслугі на платнай аснове. Па сваім жаданні, пры наяўнасці свабоднага часу. Напрыклад, трэці раз у год (паложана толькі два разы) памые вокны ўжо толькі за грошы ці пазапланава (больш за 1 раз у тыдзень, як прадугледжваюць нормы) па жаданні кліента зробіць вільготную ўборку падлогі, пачысціць ванну. Тут, як кажуць, жадаеце больш – плаціце. Прычым, па іншым тарыфе. Для атрымання дадатковых паслуг, скажам, па колцы і складзіраванні дроў, па апрацоўцы прысядзібных участкаў, трэба звяртацца ў аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН. Паслугі там акажуць работнікі за пэўную плату.

Могуць адмовіць ці скасаваць дагавор

Як паказвае жыццё, вельмі часта непаразуменне ўзнікае на той глебе, што падапечныя просяць аказаць паслугу, якую сацыяльны работнік аказваць не павінен, скажам, бясплатна. Напрыклад, калоць і складваць дровы, гатаваць галубцы ці катлеты, палоць градкі. І калі сацыяльны работнік адважваецца сказаць “Не!”, у ход ідуць лаянка і праклёны… У такім разе на дапамогу прыходзіць заканадаўства, зазначае Я. М. Сянькова. Пункт 6 Інструкцыі аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання, зацверджанай Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь №11 ад 26.01.2013 г. (у рэдакцыі Пастановы №31 ад 12.05.2015 г.), прадугледжвае, што “наяўнасць у грамадзяніна стану алкагольнага і (ці) наркатычнага ап’янення, а таксама паводзіны, якія парушаюць агульнапрынятыя нормы і правілы, прыніжаюць і зневажаюць чалавечую годнасць работнікаў дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання, а таксама стан, які прадстаўляе пагрозу для іншых грамадзян, работнікаў дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і (ці) самога грамадзяніна, з’яўляюцца падставай для адмовы ў заключэнні дагавора аказання сацыяльных паслуг, а таксама для скасавання заключанага раней дагавора аказання сацыяльных паслуг”.

У заключэнне.

Як вырашыцца канфлікт, з якога мы пачыналі артыкул, пакуль сказаць цяжка. Як бы там не было, усё павінна быць у рамках законаў і чалавечых нормаў. Тут абодва бакі зацікаўлены ва ўзаемадзеянні і супрацоўніцтве, бо для падапечных дапамога сацыяльнага работніка – жыццёвая неабходнасць, а для саміх работнікаў – работа і заробак. Алена КАРПУШЭНКА.

 

Некалькі лічбаў і фактаў

Па стану на 1 ліпеня ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шумілінскага раёна працуюць 59 сацыяльных работнікаў, якія абслугоўваюць 504 чалавекі. На бясплатнай аснове абслугоўваюцца 5 чалавек, на ўмовах частковай аплаты (60%) – 67 чалавек, на ўмовах поўнай аплаты – 432 чалавекі. Сярод абслугоўваемых 130 чалавек – адзінокія, 3 – удзельнікі вайны, 10 вязняў, адзін працаўнік тылу, 70 інвалідаў агульнага захворвання. 340 чалавек пражываюць на сяле, 164 – у Шуміліне і Обалі. Па ўзроставай катэгорыі карціна выглядае так: 4 чалавекі з’яўляюцца інвалідамі I і II груп і маюць узрост да 60 год, 155 чалавек – ад 60 да 75 год, 115 чалавек – ад 75 да 80 год, 230 чалавек – звыш 80 год (больш за 57% ад агульнай колькасці ўсіх абслугоўваемых). Па функцыянальнаму класу (ФК) стану здароўя (клас пацвярджаецца медыцынскімі даведкамі ўстановы аховы здароўя) ФК 2 маюць 172 чалавекі, ФК 3 – 215 чал., ФК 4 – 59 чалавек. Грамадзянам, якія маюць ФК 1, у сацыяльным абслугоўванні адмаўляецца. Заўважым, што ад функцыянальнага класа залежыць перыядычнасць наведвання.

Даведка

Уся дзейнасць сацыяльных работнікаў, наогул сацыяльнай службы на даму рэгламентавана наступнымі заканадаўчымі актамі:

  • 1. Закон Рэспублікі Беларусь ад 13.07.2012 г. № 427-З «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання».
  • 2. Пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 10.01.2013 г. № 5 «Аб зацвярджэнні палажэнняў аб установах сацыяльнага абслугоўвання».
  • 3. Пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 26.01.2013 г. № 11 «Аб некаторых пытаннях аказання сацыяльных паслуг дзяржаўнымі арганізацыямі, якія аказваюць сацыяльныя паслугі».
  • 4. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2012 г. № 1218 «Аб некаторых пытаннях аказання сацыяльных паслуг».
Остальные новости рубрики >>
Rating All.BY