Геральдыка
Герб і сцяг Шумілінскага раёна зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36.
У ХУIII ст. дваранскаму роду Грабніцкіх належала маёнтак Мосар, часткай якога было мястэчка Сіроцін. Па просьбе ўладальніка маёнтка Урбана Антонія Грабніцкага кароль польскі і вялікі князь Літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надзяліў мястэчка Сіроцін магдэбургскім правам і адпаведнымі льготамі. 12 студзеня 1767 года мястэчка Сіроцін атрымала свой герб, які пацвярджаў выражэнне гістарычных традыцый уладальніка, сімвалізаваў абарону грамадзянскіх правоў і справядлівасці, перамогу праваслаўных каштоўнасцяў. Аднак пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі мястэчка Сіроцін, як і многія іншыя, страціла статус мястэчка і права мець свой герб.
Падчас адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення БССР 17 ліпеня 1924 года быў сфарміраваны асобны раён з цэнтрам у мястэчку Шуміліна, назву якому дала вёска Сіроціна, якая 17 ліпеня 1924 года дала назву раёну - Сіроцінскі. 23 лістапада 1961 года раён быў перайменаваны ў Шумілінскі.
Герб уяўляе сабой выяву ў блакітным полі барочнага шчыта ў залатым ззянні срэбнай постаці Міхала Арханёла. У паднятай правай руцэ Арханёла - сярэбраны меч і чорныя шалі, у левай - сярэбраны шчыт з выявай двух залатых месяцаў, скіраваных рагамі ў знешнія бакi, паміж якімі размешчаны аголены меч залатога колеру рукаяткай уверх. Пад нагамі Арханёла - ляжачы змей зялёнага колеру з чорным языком.
Арханёл Міхаіл, намаляваны на гербе ў сярэднявеччы выступаў як абаронца ваяўнічай царквы, вёў нябеснае войска да перамогі над Люцыпарам і паўшымi анёламі. Гэты арханёл і святы быў заступнікам і абаронцам хворых і салдат, яго заклікалі на дапамогу ў баі і ў небяспецы на моры.
Герб сімвалізуе перамогу сіл дабра і справядлівасці над сіламі зла. Герб «Астоя» на шчыце арханёла паказвае на заснавальніка былога ўладальніка мястэчка Сіроцін Урбана Антонія Грабніцкага.
Гістарычны герб мястэчка Сіроцін 1767 года паслужыў асновай для заснавання афіцыйных геральдычных сімвалаў Шумілінскага раёна, бо з'яўляецца неад'емнай часткай культурнай спадчыны.
Гэты знак сімвалізуе сувязь мінулага і сучаснасці, сувязь пакаленняў.
Герб Шумілінскага раёна адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі.
Сцяг Шумілінскага раёна ўяўляе сабой прамавугольнае блакітнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2. У цэнтры сцяга знаходзіцца гербавы малюнак.
Герб і сцяг Шумілінскага раёна з'яўляюцца афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі, уласнасцю Шумілінскага раёна, правам распараджэння якой валодае Шумілінскі раённы выканаўчы камітэт.