Адрас райвыканкама:
вул. Кароткіна-10, 211259, г.п. Шуміліна, Віцебская вобл.
Тэлефон прыёмнай:
8
(02130) 5-70-45
Гарачая лінія:
8 (02130) 5-70-45 з 8.00 да 20.00
E-mail:
shumrіc@vitebsk.by
Музей Дзісненскай сярэдняй школы Міёрскага раёна папоўніўся новымі каштоўнымі экспанатамі — дакументамі, якія тычацца вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Рэчы прывёз і падарыў навучальнай установе ўнук пахаванага ў брацкай магіле палітработніка і стралка Аміра Салімавіча Вільданава. На сустрэчы з педагогамі і вучнямі Каміл Вільданаў з Казані расказаў пра баявы шлях дзядулі, пра тое, як на яго малой радзіме шануюць тых, хто набліжаў Вялікую Перамогу.
– Ведаць і памятаць гісторыю краіны – наш абавязак, – падкрэсліла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Красоўская. – Сустрэчы з нашчадкамі абаронцаў Айчыны дазваляюць маладым людзям усвядоміць важнасць выхавання грамадзянскай сталасці і патрыятызму, на якіх трымаюцца дзяржаўнасць і суверэнітэт. Пацвярджэнне таму – баявы шлях Аміра Вільданава.
Ён нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Стары Каразерык Ютазінскага раёна Татарскай АССР. Працаваў сельскім настаўнікам. У Чырвоную армію прызваны ў 1941 годзе. Быў тэлефаністам, потым слухачом курсаў малодшых палітрукоў і перападрыхтоўкі старшага палітсаставу, намеснікам камандзіра роты аўтаматчыкаў і намеснікам камандзіра батальёна па палітычнай частцы 1-га стралковага батальёна 510-й стралковай часці 154-й стралковай дывізіі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
Ва ўзнагародным лісце 1943 года ўказана: «Старшы лейтэнант Вільданаў, працуючы намеснікам камандзіра 1-га стралковага батальёна па палітчастцы, паказаў сябе мужным афіцэрам і ўмелым выхавацелем. У жнівеньска-лістападаўскіх баях праводзіў вялікую выхаваўчую работу сярод асабовага саставу батальёна, чым забяспечыў высокі наступальны парыў. У начным баі за вёску Ісачкава асабістым прыкладам натхніў байцоў, чым забяспечыў заняцце вёскі без страт».
Пра апошнія дні афіцэра становіцца вядома з іншага ўзнагароднага ліста, дзе гаворыцца, што Амір Вільданаў 4 ліпеня 1944 года правёў вялікую выхаваўчую і мабілізуючую работу сярод асабовага саставу батальёна. У баях за Дзісну чырвонаармейцы праявілі прыклады мужнасці і гераізму, пры невялікіх стратах авалодалі горадам. Амір Вільданаў загінуў у гэтых баях. Імя афіцэра ўвекавечана на пліце брацкай магілы ў Дзісне.
Фота дадзена Дзісненскай СШ.