Каб работа ў інфармацыйнай прасторы стала больш эфектыўнай і якаснай, на базе Медыяцэнтра Віцебскай вобласці быў арганізаваны І абласны прафсаюзны медыяфорум "Інавацыйныя інструменты работы ў СМІ". Арганізатарамі медыяфоруму выступілі Віцебскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.
Сустрэча ў Віцебску завяршае шэраг такіх мерапрыемстваў, якія прайшлі па ўсёй рэспубліцы. Сярод запрошаных на медыяфорум, у тым ліку анлайн, - лідэры грамадскай думкі, эксперты, журналісты, а таксама спецыялісты па сувязях з грамадскасцю, прадстаўнікі абласных, раённых і гарадскіх аб'яднанняў прафсаюзаў, першасных прафсаюзных арганізацый, навучэнцы ВНУ. Да працы ў рэжыме анлайн падключыліся больш за 700 чалавек.
- Чаму менавіта такі фармат? Бо і журналісты, і прафсаюзы працуюць для людзей. І ўся інфармацыя, якая ідзе, накіравана на тое, каб дапамагчы людзям вырашыць іх праблемы. Але журналісты лепш ведаюць, як яе падаваць, - адзначыла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, генеральны дырэктар УП «Выдавецкі Дом «Праф-Прэс» Алена Манкевіч.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая пазнаёміла ўдзельнікаў з інфармацыйнай прасторай Віцебшчыны, прывяла прыклады паспяховага прасоўвання кантэнту ў інтэрнеце, заклікала больш актыўна асвойваць сацсеткі, каб насельніцтва своечасова даведвалася пра актуальныя і праўдзівыя навіны. Увагу ўдзялілі таксама сёлетняй электаральнай кампаніі. Аб нюансах, якія неабходна ўлічваць, размяшчаючы звесткі аб кандыдатах у дэпутаты або рыхтуючы рэпартаж з выбарчага ўчастка, паведаміў старшыня абласной выбарчай камісіі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома. Ён заўважыў, што да ўсіх павінен быць аднолькавы падыход, у адпаведнасці з заканадаўствам роўныя магчымасці трэба прадставіць кожнаму з кандыдатаў. А задача выбаркама і прадстаўнікоў прафсаюзаў - аб'ектыўна данесці ўсю патрэбную інфармацыю да насельніцтва.
- У нас прававое поле створана. Яно дастатковае для таго, каб кожны выбаршчык мог пазнаёміцца з дэпутатамі і выбраць тых, якія будуць дастойна на ўсіх узроўнях прадстаўляць дадзеную тэрыторыю, інтарэсы гэтых выбаршчыкаў, - падсумаваў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Юрый Дзяркач.
Форум працягнецца ўвесь дзень. За гэты час падзяліцца сваім вопытам, расказаць пра важныя і цікавыя ініцыятывы паспеюць тыя, хто не першы год працуе ў друкаваных і тэлевізійных СМІ. Сярод выступоўцаў ёсць і прадстаўнікі "Віцебскіх вестак". Намеснік галоўнага рэдактара Юлія Новікава закране тэму ўзаемадзеяння са СМІ ў рамках рэалізацыі сацыяльна значных праектаў, а вядучы рэдактар інтэрнет-рэсурсаў Пётр Чымкоўскі растлумачыць, як можна выкарыстоўваць нейрасеткі пры рабоце з кантэнтам.
Насычаная праграма медыяфоруму дасць магчымасць удзельнікам сустрэчы пазнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі, якія сёння прымяняюцца ў журналістыцы, дапамагаючы ўсебакова паказваць працоўныя калектывы, раскрываць розныя важныя для насельніцтва пытанні. Атрыманыя веды дазволяць павысіць эфектыўнасць працы ў інфармацыйнай прасторы, у тым ліку пры асвятленні грамадска-палітычнага жыцця краіны.
Да спіса