Навіны Рэспублікі
15.07.2025

Амаль 40 працэнтаў азімага ячменю ўбрана ў Беларусі

У Беларусі ўбрана 90,4 тыс. га азімага ячменю - 36,9 працэнта ўборачнай плошчы. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.

Намалочана 341,7 тыс. т з ураджайнасцю 37,8 ц/га. Найбольш актыўна ідзе ўборачная кампанія ў Брэсцкай (убрана 63,8 працэнта плошчаў), Гомельскай (69,1 працэнта) і Гродзенскай (42,8 працэнта) абласцях. Па ўраджайнасці ў лідарах Гродзенская (52,2 ц/га), Брэсцкая (46,2 ц/га) і Мінская (44,2 ц/га) вобласці.

Гаспадаркі таксама пачалі церабленне лёну. Работы праведзены на 3,92 тыс. га, што складае крыху больш за 8 працэнтаў запланаваных плошчаў.

Што датычыцца нарыхтоўкі кармоў для жывёлы, то скошана траў другім укосам на плошчы 503,5 тыс. га - 47,1 працэнта да плана. Нарыхтавана сена 210,2 тыс. т (29,1 працэнта да плана), сенажу - амаль 9,2 млн т (65,7 працэнта да плана), у тым ліку ў палімернай упакоўцы 221,1 тыс. т. Нарыхтавана 244,8 тыс. т сіласу - 1,18 працэнта. Усяго нарыхтавана травяных кармоў звыш 2,7 млн т кармавых адзінак - 27,4 працэнта да плана.

Акрамя таго, гаспадаркі прадаўжаюць праводзіць вапнаванне кіслых глеб - даламітавая мука неабходна для нейтралізацыі залішняй кіслотнасці і падтрымання аптымальнага глебавага асяроддзя.

БелТА

Да спіса