Адрас райвыканкама:
вул. Кароткіна-10, 211259, г.п. Шуміліна, Віцебская вобл.
Тэлефон прыёмнай:
8
(02130) 5-70-45
Гарачая лінія:
8 (02130) 5-70-45 з 8.00 да 20.00
E-mail:
shumrіc@vitebsk.by
Адзначаецца зацікаўленасць прадстаўнікоў амаль усіх галін эканомікі Беларусі ў пытаннях інтэлектуальнай уласнасці, якія набываюць усё большую значнасць ва ўмовах неабходнасці перабудоўвання знешнегандлёвых, фінансавых, вытворчых і навукова-тэхналагічных адносін. Такім меркаваннем на палях IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Інтэлектульная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця" ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падзяліўся першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніс Каржыцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Было падкрэслена, што канферэнцыя чацвёрты год запар збірае шырокае прадстаўніцтва акадэмічных і навукова-даследчых колаў, патэнтных павераных, прадстаўнікоў нацыянальных патэнтных ведамстваў, розных профільных міжнародных і рэгіянальных арганізацый, няўрадавых аб'яднанняў і рэгіянальных асацыяцый у сферы інтэлектуальнай уласнасці. Ёсць, аднак, і некаторыя новаўвядзенні.
"У гэтым годзе арганізацыя канферэнцыі прадугледжвае не толькі магчымасць выступлення перад аўдыторыяй найбольш вопытных кіраўнікоў і экспертаў з Беларусі, Расіі і Еўразійскага патэнтнага ведамства, але і правядзенне дзвюх спецыялізаваных секцый па асобных напрамках кіравання інтэлектуальнай уласнасцю", - заўважыў Дзяніс Каржыцкі.
Першая секцыя прысвечана патрабаванням, што прад'яўляюцца да ўзроўню правядзення патэнтнага пошуку, пабудовы патэнтных ландшафтаў і навыкаў экспертаў патэнтнай аналітыкі, іх важнасці і сістэмнасці. Другая секцыя закранае найбольш актуальныя пытанні аховы і абароны правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці і вынікі інтэлектуальнай дзейнасці ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Удзельнікі гэтай сесіі змогуць пачуць як прадстаўнікоў акадэмічнай навукі, так і практыкуючых юрыстаў, якія падзеляцца вопытам, прапануюць свежую статыстычную інфармацыю і раскажуць аб найбольш складаных аспектах работы ў гэтай сферы.
"Практыкаарыентаваны падыход да канферэнцыі ў гэтым годзе адлюстраваны і ў намеры арганізатараў выдаць кожнаму са слухачоў спецыялізаваных секцый сертыфікат аб навучанні, - пракаменціраваў першы намеснік старшыні ДКНТ. - Так удзельнікі змогуць бесперашкодна скарыстацца ўсімі атрыманымі ведамі ў рамках канферэнцыі, афіцыйна пацверджанымі адукацыйным стандартам. Гэта, напэўна, найлепшая інвестыцыя ў інтэлектуальнае развіццё кожнага спецыяліста паасобку і ўсёй экспертнай супольнасці Беларусі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці ў цэлым".
Адным з самых урачыстых мерапрыемстваў канферэнцыі стане цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ў сферы вынаходніцтва "Лепшы патэнт Беларусі", што арганізуецца Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці сумесна з Еўразійскім патэнтным ведамствам Еўразійскай патэнтнай арганізацыі. У спісе пераможцаў - дзесяць патэнтаўладальнікаў.