Майстрыха Ірына Юшкевіч з Віцебска асвоіла мастацтва філіграні з джутавага шпагату і зараз не толькі вырабляе розныя дэкаратыўныя прадметы інтэр'ера, але і займае прызавыя месцы на міжнародных фестывалях і конкурсах.
- Заўсёды была чалавекам творчым. З дзяцінства мяне натхнялі і зачароўвалі працы майго дзеда Антона Юшкевіча, які займаўся разьбой па дрэве і быў майстрам сваёй справы. Цяпер яго скульптуры можна ўбачыць у Полацкім краязнаўчым музеі, – адзначае Ірына Юшкевіч. – Калі пачынала працаваць на гадзіннікавым заводзе, любіла шыць і вязаць, спецыяльна для гэтага выпісвала часопіс аб модзе «Бурда». Заўсёды падабалася, калі рэчы вылучаліся і адрозніваліся сваёй індывідуальнасцю.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Ірына захапілася новай творчасцю. Аднойчы на прасторах інтэрнэту ўбачыла пано з джуту расійскай майстрыхі. Намаляваны на ім залаты Пегас настолькі заваражыў віцябчанку, што жанчына з энтузіязмам пагрузілася ў джутавую філігрань.
– Джут часцей выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах, філігрань – ажурны ўзор, – адзначае Ірына Юшкевіч. – Паглядзеўшы майстар-класы, зразумела, што нейкай спецыяльнай падрыхтоўкі не патрабуецца. Патрэбны толькі цярпенне, акуратнасць, фантазія. А гэтага ў мяне – хоць адбаўляй!
Рух за рухам, і з нітак і мудрагелістых завіткоў сталі атрымлівацца сапраўдныя шэдэўры. Свае першыя вырабы, а дакладней, іх ідэю, Ірына падгледзела ў іншых майстроў, вядома ж, дадаўшы сваёй індывідуальнасці.
– Банкі, пластыкавыя бутэлькі, розныя ёмістасці – у мяне ўсё ідзе ў ход, – кажа рукадзельніца. – І гэта яшчэ адзін плюс джутавога хобі – матэрыял і сам экалагічны, а выкарыстоўваючы яго, мы яшчэ і дорым другое жыццё прадметам з пластыка. Суцэльная карысць.
Для кожнай працы майстрыха малюе трафарэты сама, бо аўтарскія ўзоры робяць вырабы ўнікальнымі.
– Ліст з арнаментам змяшчаю ў празрысты файл, пасля чаго па контуры малюнка наношу клей і затым выкладваю джутам. Пасля высыхання элементы лёгка здымаюцца. Гатовая кампазіцыя прымацоўваецца да каркаса. Самыя значныя і працаёмкія працы – фея і начнік. На іх выраб пайшлі тыдні і сотні метраў джуту, – адзначае Ірына Юшкевіч. – Вазіцца з вяровачкамі магу гадзінамі. Нават не заўважаю, як праходзіць час. Але калі дэталяў шмат, як, і за паўдня не ўправішся. Павялічвае час працы і мноства дробных дэталяў – пацерак, дэкаратыўных камянёў для рукадзелля. Складанасць і ў тым, што белы джут нідзе не прадаецца, таму яго даводзіцца адбельваць. На гэты працэс, а таксама на сушку матэрыялу ідзе нямала часу.
Цяпер у калекцыі майстрыхі налічваецца каля 100 вырабаў з джуту: кветкі, вазы, пано, кашпо, таршэры, начнікі і нават цэлыя кнігі-куфры. Працамі Ірыны цікавяцца не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, асабліва калекцыянеры розных цацак.
– Калі выходзіш на пенсію, з'яўляецца вольны час. У гэты перыяд абавязкова трэба знайсці занятак па душы, – упэўнена майстрыха. – Вязанне з джуту – маё натхненне і сувязь з прыродай, бо нітка зроблена з натуральнага матэрыялу. Дзякуючы хобі лёгка адключаюся ад шэрых будняў. Гэта і праца, і адпачынак адначасова.
Каб папулярызаваць гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Ірына Юшкевіч прымае ўдзел у выставах і фестывалях. У ліку апошніх узнагарод – дыплом I ступені з Екацярынбурга. У будучыні жанчына марыць праводзіць майстар-класы, каб і дзецям прывіць гэтае рамяство. А ідэй у яе шмат.