Больш за 1 млн кветак упрыгожаць вуліцы Віцебска ў 2026 годзе. Традыцыйна ў цяпліцах прадпрыемства, якое адказвае за кветкавае афармленне абласнога цэнтра, работа пачала кіпець яшчэ ў студзені. Цяпер расаду пікіруюць - кожнаму сеянцу выдзяляюць асобны маленькі "домік", у якім ён будзе набірацца сіл. Пакуль у цяпліцах "Віцебскага зялёнбуда" майстры па азеляненні высадзілі крыху больш за 400 тыс. кветак. Пазней будуць высяваць цеплалюбівыя віды, якім у прыродных умовах патрэбна шмат сонца і добрае надвор'е. За ўсім кветкавым царствам прыглядаюць 12 чалавек.