Трэцякурсніца факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Таццяна Маскалёва – стыпендыят фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Яна вучыцца на выдатна, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ВНУ і ў агульнагарадскіх мерапрыемствах, займаецца навуковай дзейнасцю.
Праца Таццяны «Інструменты фінансавання транспартна-лагістычнай інфраструктуры Рэспублікі Беларусь» заняла першае месца на конкурсе «Я кіраванец XXI стагоддзя» у намінацыі «Рэгіянальная эканоміка і кіраванне», што праходзіў у маі мінулага года ў Расіі.
– У сваім даследаванні я зрабіла высновы, якім чынам можна эканоміць на пастаўках рознай прадукцыі, паменшыўшы выдаткі, – растлумачыла дзяўчына. – А ўвогуле эканамічныя веды заўсёды будуць актуальныя, яны запатрабаваны ў многіх сферах дзейнасці.
Акрамя вучобы Таццяна з першага курса займаецца ў Доме моды ВДТУ.
– Мы прадстаўляем калекцыі дызайнераў ВНУ на модных паказах, – расказвае Таццяна. – Удзельнічаем і ў гарадскіх мерапрыемствах у складзе групы ўзнагароджання. Для мяне ўсё гэта перазагрузка, змена дзейнасці. Ну і зносіны з цікавымі людзьмі.
Яшчэ адной разрадкай ад вучобы для Таццяны з'яўляецца чытанне.
– Мой любімы твор раман «Панесеныя ветрам» (Маргарэт Мітчэл), перыядычна перачытваю асобныя моманты, – кажа дзяўчына. – Любімая гераіня Скарлет О’Хара , у яе вельмі валявы характар. Яна моцная, хаця здаецца, па сутнасці, дзіцем. Жадаю быць на яе падобнай.
У студэнткі гэта нядрэнна атрымоўваецца. Яна лідэр, нядаўна ўвайшла ў студэнцкую раду ВНУ. У Таццяны шмат творчых ідэй. Адну з іх яна збіраецца рэалізаваць на сёлетняй сесіі. Дзяўчына прыдумала інтэрактыўную вясёлую анкету для студэнтаў.
– На нашым факультэце мы змесцім стэнд, на якім будзе 3 смайлікі, якія адлюстроўваюць настрой студэнтаў падчас іспытаў, – распавядае Таццяна.
– І любы можа прыляпіць свой стыкер, які адлюстроўвае, які сімвалізуе яго стан у дадзены момант, а таксама напісаць свае думкі. Гэта будзе разрадка для студэнтаў, і да таго ж гэта весела. А потым мы прааналізуем усё, і зробім высновы, з якім настроем студэнты здавалі сесію.
На час сесіі прыпадае і Таццянін дзень, які лічыцца святам студэнцтва.
– Мяне заўсёды родныя і сяброўкі віншуюць у гэты дзень, – кажа трэцякурсніца. – Так было ў школе і ёсць зараз ва ўніверсітэце. Гэта вельмі прыемна.
Са сваім імем у дзяўчыны звязана цікавая сямейная гісторыя.
– Мама распавядала, што брату, які старэйшы за мяне на 8 гадоў, далі магчымасць выбраць мне імя, – усміхаецца студэнтка. – На той момант ён вучыўся ў пачатковай школе, яму падабалася дзяўчынка, якую звалі Таццяна. Таму выбар упаў на гэтае імя.