Замацаваць дынаміку ў скарачэнні дзіцячай злачыннасці
Камісіяй па справах непаўналетніх і іншымі суб’ектамі прафілактыкі ў раёне праводзіцца сістэмная работа па папярэджанні правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Якіх вынікаў удалося дасягнуць за 2024 год, абмеркавалі на выніковым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Пасяджэнне правяла старшыня камісіі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Людміла Грузневіч расказала пра выкананне Комплекснага плана мерапрыемстваў па папярэджанні безнагляднасці, правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абароне іх правоў і законных інтарэсаў, адзначыла, што меры, якія прымаліся дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі раёна, далі магчымасць забяспечыць неабходны ўзровень узгодненых дзеянняў у інтарэсах непаўналетніх і сем’яў з дзецьмі, развіваць рэсурсныя магчымасці для аказання ім сацыяльна-рэабілітацыйных паслуг, педагагічнай і іншых відаў дапамогі, замацаваць станоўчыя тэндэнцыі ў скарачэнні дзіцячай злачыннасці.
Пра работу, якая праводзілася ў дадзеным кірунку, праінфармавалі галоўны ўрач ЦРБ Святлана Лінкевіч і дырэктар Обальскай СШ Аляксандр Сачыўка.
Намеснік пракурора раёна Лізавета Асіпенка адзначыла, што ў цэлым своечасова прымаемыя дзяржаўнымі органамі меры далі пэўныя вынікі. Так, за 2024 год у раёне не зарэгістравана злачынстваў з удзелам непаўналетніх, на працягу двух гадоў не выяўлена навучэнцаў, якія ўчынілі злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў, адсутнічалі факты суіцыдаў і парасуіцыдаў. Разам з тым Лізавета Валянцінаўна падкрэсліла, што работы наперадзе шмат, у прыватнасці, трэба актывізаваць дзейнасць па раннім выяўленні сямейнага недабрабыту.
На пасяджэнні камісіі былі вызначаны асноўныя аспекты работы на 2025 год.