40 сем'яў атрымалі ключы ад кватэр у новым пяціпавярховым доме ў Лёзна
У Лёзна ключы ад кватэр у новым пяціпавярховым доме № 2Д па вуліцы Валадарскага атрымалі 40 сем'яў.
Шэсць арэндных кватэр прадастаўлена работнікам РАНС і дзевяць –супрацоўнікам міліцыі. Падчас урачыстага адкрыцця жылога дома старшыня Лёзненскага райвыканкама Іван Фёдараў падкрэсліў, што гэта трэці па ліку дом з электраатапленнем у гарпасёлку, які быў пабудаваны літаральна за некалькі месяцаў.
- Раз на два гады мы ўводзім у эксплуатацыю шматкватэрны жылы дом. Упэўнены, што гэтая традыцыя працягнецца, бо наша дзяржава падтрымлівае шматдзетныя сем'і, маладых спецыялістаў, – адзначыў Іван Фёдараў. - Навасёлам хачу пажадаць, каб у іх сямейных гняздзечках панавалі ўтульнасць і любоў, раздаваліся шчаслівыя дзіцячыя галасы.
У ліку першых, хто пераступіў парог новага дома – сям'я Рамана і Ірыны Канстанцінава, якія выхоўваюць чацвярых дзяцей, а ключы ад кватэры з рук кіраўніка раёна прыняў самае малодшае дзіця – Арцём, якому няма яшчэ і двух гадоў.
- Хочацца сказаць вялікі дзякуй нашай дзяржаве, якая аказвае вялікую дапамогу шматдзетным сем'ям, – сказалі муж і жонка Канстанцінавы. Вялікая сям'я - гэта вялікае шчасце,але вялікая адказнасць і вялікая праца. У нашай краіне аказваецца ўсялякая падтрымка сем'ям, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей, і самая галоўная з іх – гэта жыллё. Сёння і мы сталі ўладальнікамі кватэры ў новым сучасным доме.
Алёна Коласава, па матэрыялах газеты»Сцяг перамогі". Фота прадастаўлена газетай»Сцяг перамогі".