Апарат ШВЛ перададзены Віцебскаму абласному дзіцячаму клінічнаму цэнтру ў рамках рэспубліканскай навагодняй акцыі «Нашы дзеці»
Уручэнне апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх прайшло без пампезнасці, у рабочай абстаноўцы, але гэта ніякім чынам не прымяншае каштоўнасці і значнасці падарунка для ўстановы аховы здароўя, як асабліва падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама член праўлення Беларускага Фонду міру Вячаслаў Дурноў:
- Самае галоўнае, што апарат вельмі патрэбны дзецям, і ён прынясе канкрэтную, жыццёва важную дапамогу. Перадаем яго ад усёй душы!
- Перадачу апарата ШВЛ дзіцячаму клінічнаму цэнтру мы ажыццяўляем у рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» - гэта сумесны праект Беларускага Фонду міру і ЗАТ «Паціа» пад назвай «Дай пяць дабру!» - праінфармавала старшыня праўлення абласнога аддзялення БФМ Таццяна Туманава. - Акрамя таго, міратворцы Віцебшчыны падрыхтавалі для маленькіх пацыентаў прысмакі і кнігі, у якіх сабраны лепшыя работы беларускіх дзяцей, а менавіта: вершы, эсэ і апавяданні, малюнкі і карціны.
Дадзены апарат ШВЛ партатыўны і просты ў выкарыстанні, як патлумачыла галоўны ўрач ВОДКЦ Галіна Пузанава. Прызначаны для дзяцей, якія знаходзяцца не ў рэанімацыйным аддзяленні, а ў саматычным (хірургічным, эндакрыналагічным). Пры пэўных умовах дзіцяці з паталогіяй, які не можа самастойна дыхаць, выпісваюць з стацыянара дадому з гэтым апаратам.
- Спецыялісты нашага цэнтра навучаюць бацькоў, як ім карыстацца, – паведаміла Галіна Пузанава, – і ажыццяўляюць у наступным курацыю. Не радзей, чым раз у тыдзень, на дом да дзіцяці выязджае рэаніматолаг для кансультацыі, праверкі параметраў працы апарата, правядзення тэхнічнага абслугоўвання і забеспячэння расходнымі матэрыяламі. Гэта не адзіны такі апарат у цэнтры, але ўсе яны запатрабаваныя і жыццёва неабходныя дзецям, якія маюць патрэбу ў паліятыўным лячэнні.
Падчас акцыі «Нашы дзеці» падарункі ад Фонду міру ў Віцебскай вобласці атрымаюць юныя жыхары Наваполацка, Браслава, Расон і іншых рэгіёнаў на суму больш за 10 тысяч рублёў.
У рамках праекта «Дай пяць дабру!» Беларускі фонд міру разам з партнёрамі плануе перадаць у дзіцячыя ўстановы аховы здароўя апараты ШВЛ і іншае медыцынскае абсталяванне на суму больш за 1 мільён рублёў.