Міжнародны прэс-цэнтр на XXXIV Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будзе працаваць у новым фармаце. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі напярэдадні форуму расказаў генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Глеб Лапіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У бягучым годзе мы мадыфікуем работу з прэсай. Гэта заснавана на нашым вялікім аналізе, перш за ўсё іміджавым. Мы сутыкаемся з тым, што артыст прыходзіць у залу на 200 пасадачных месцаў, а там знаходзяцца тры журналісты, і гэта некамфортна. У нас у прэс-цэнтры застануцца вялікія прэс-канферэнцыі афіцыйных падзей - адкрыцця, закрыцця, прэзентацыя канкурсантаў і прэс-канферэнцыі з членамі журы. Усе лакальныя прэс-канферэнцыі пойдуць у інтэрнэт. Яны будуць трансліравацца ў прэс-цэнтры з іншай лакацыі", - сказаў ён.
Кіраўнік ЦК "Віцебск" адзначыў, што такія камерныя сустрэчы будуць праходзіць у фармаце дыялогу і па-ранейшаму будуць мець назву "Зорны час". "Журналісты з любога пункта горада змогуць паглядзець трансляцыю, у чаце задаць пытанні. Усё гэта будзе праходзіць у спакойнай і нязмушанай атмасферы, на спецыяльна вырабленых васільковых канапах і крэслах", - падзяліўся Глеб Лапіцкі.
Ён дадаў, што такі фармат дапаможа зоркам больш свабодна адказваць на пытанні анлайн-аўдыторыі.
Таксама ў бягучым годзе на сцэнічных пляцоўках будуць арганізоўвацца прэс-падыходы, і ўсім прадстаўнікам СМІ пра гэта загадзя паведамляць у агульным чаце, каб кожны змог вызначыцца, якога артыста хацелася б запісаць да або пасля выступлення. Гэта дасць магчымасць не ўкліньвацца ў графікі ўдзельнікаў фестывалю і не адрываць іх ад рэпетыцый.
"Для нас міжнародны прэс-цэнтр - гэта тусовачнае месца для прэсы, куды будзе сцякацца ўвесь кантэнт. Будуць працаваць таксама мабільныя прэс-цэнтры ў Летнім амфітэатры і на новай пляцоўцы Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу", - праінфармаваў Глеб Лапіцкі.
Да спіса