У маладым скверы Працоўнай славы ў Оршы на ўрачыснай цырымоніі з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенкі заклалі капсулу часу з пасланнем нашчадкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў скверы Працоўнай славы заклалі капсулу часу з пасланнем для будучых пакаленняў. Яна стане сімвалам памяці, пашаны і подзвігу продкаў, у тым ліку герояў Аршанскага раёна, якія змагаліся за свабоду Радзімы. У пасланні захаваюцца не толькі словы ўдзячнасці героям вайны, але і расказ аб працоўным подзвігу жыхароў райцэнтра, якія за кароткі тэрмін аднавілі прадпрыемствы, дзе вырабляліся тавары,у тым ліку якія адпраўляліся на фронт. У будучым сквер будзе разрастацца, папоўніцца новымі саджанцамі, каб радаваць жыхароў не толькі бліжэйшых мікрараёнаў, але і ўсяго горада.
Ігар Сергяенка падкрэсліў, што закладка капсулы з пасланнем будучым пакаленням - гэта знамянальная і кранальная падзея, якая звязвае некалькі пакаленняў. З першых дзён вайны Орша аказала супраціўленне ворагу, тут зарадзіўся партызанскі і падпольны рух - у раёне дзейнічалі 80 дыверсійных і партызанскіх груп, і тут упершыню стрэлілі знакамітыя "Кацюшы". "Нашы бацькі і дзяды ў Оршы змаглі за самы кароткі тэрмін аднавіць работу чыгуначнага вузла, шэрага прадпрыемстваў. Да канца 1945 года пачаў працаваць Аршанскі льнокамбінат, аднаўляліся іншыя прадпрыемствы. Таму невыпадкова Орша нараўне з Баранавічамі намініравана на ганаровае званне "Горад Працоўнай славы. 1941-1945 гады", - расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, які прымаў удзел у цырымоніі закладкі капсулы, адзначыў, што Дзень Перамогі з'яўляецца святам не толькі франтавікоў. "Мы аддаём даніну памяці не толькі воінам-пераможцам, але і тым, хто ў тыле і пасля вайны стаяў ля станка, працаваў на будоўлі, у полі", - сказаў кіраўнік рэгіёна.
Ён падкрэсліў, што нямала аршанскіх прадпрыемстваў - машынабудавання, лёгкай прамысловасці, перапрацоўчыя заводы, чыгуначныя - маюць векавую гісторыю. "У вайну амаль усе гэтыя прадпрыемствы былі эвакуіраваны, выраблялі прадукцыю глыбока ў тыле, але адразу ж пасля вайны яны вярнуліся і яшчэ на руінах горада пачалі вырабляць яе тут. Ужо ў 1946 годзе першы мільён квадратных метраў ільнянога валакна атрымала наша краіна. Менавіта сёння мы шануем не толькі баявы, але і працоўны подзвіг нашых дзядоў і ганарымся ім", - сказаў Аляксандр Субоцін.
Да спіса