Пракуратура Віцебскай вобласці папярэджвае аб суровых пакараннях за незаконныя дзеянні з выбуховымі прыладамі
За незаконныя дзеянні з выбуховымі рэчывамі і выбуховымі прыладамі ў Беларусі прадугледжана сур'ёзная адказнасць па законе. У чым на сваім вопыце зараз трэба будзе пераканацца 17-гадоваму жыхару Гарадка.
- Навучэнец аднаго з каледжаў у сябе ў хатніх умовах незаконна вырабіў не менш за 21 грама дымнага пораху, які адносіцца да катэгорыі кідальных выбуховых рэчываў, - паведаміла «СТСТ» афіцыйны прадстаўнік пракуратуры Віцебскай вобласці Дар'я Каваленка. - З выкарыстаннем гэтага пораху абвінавачаны пасля зрабіў самаробнае выбуховае прыстасаванне малой магутнасці. Пры гэтым ён незаконна захоўваў яго да выяўлення і канфіскацыі супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Хлопцу пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Між тым, як падкрэслілі ў пракуратуры Віцебскай вобласці, у Беларусі па заканадаўстве абарот выбуховых рэчываў і выбуховых прылад з'яўляецца абмежаваным.
- За незаконны выраб і (або) распаўсюд методык альбо іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прылад і выбуховых рэчываў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць паводле арт.19.12 КаАП, – кажа пракурор аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Раман Краўцоў. - Парушальнікам закона пагражае штраф, грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў іх здзяйснення.
А за незаконныя выраб, набыццё, перадачу ў валоданьне, збыт, захоўванне, перавозку, перасылку або нашэнне выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, альбо незаконныя выраб або збыт асноўных частак выбуховых прылад прадугледжана крымінальная адказнасць.
Пры гэтым, па словах суразмоўцы, калі дзеянне будзе здзейснена паўторна альбо групай асоб па папярэдняй змове, ці ж калі злачынства здзейснена арганізаванай групай, напрыклад, у тэрарыстычных мэтах, пакаранне можа дасягаць да 12 гадоў пазбаўлення волі.
– У той жа час асоба, якая добраахвотна здала выбуховыя рэчывы і выбуховыя прылады вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за дзеянні, акрамя выпадкаў збыту, - адзначыў Раман Краўцоў.
Як рэзюмаваў прадстаўнік нагляднага ведамства, якія-небудзь дзеянні з выбуховымі рэчывамі і выбуховымі прыладамі з'яўляюцца небяспечнымі, забароненымі і каральнымі незалежна ад спосабу набыцця (куплі або вырабу), панесеных пры гэтым выдаткаў і іншых абставінаў.