«Скарынаўскія дні» ў Полацку сабралі больш за 300 удзельнікаў
Адзінаццаты раз самы старажытны горад Беларусі стаў цэнтрам прыцягнення для таленавітых школьнікаў у рамках рэалізацыі культурна-адукацыйнага праекта "Скарынаўскія дні ў Полацку", прысвечанага Дню народнага адзінства і Году якасці. У гэтым годзе ў праекце прынялі ўдзел больш за 300 чалавек з усіх абласцей нашай краіны, а таксама Смаленска, Яраслаўля, Вялікіх Лук і Тосна Расійскай Федэрацыі.
- З кожным годам «Скарынаўскія дні ў Полацку» збіраюць усё больш удзельнікаў, пашыраецца іх геаграфія, - адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова . - Гэта кажа аб тым, што цікавасць да нашага форуму расце. Асноўныя мерапрыемствы праекту адбыліся 16-17 верасня, але ім папярэднічалі дыстанцыйныя творчыя конкурсы. Сёлета ў анлайн- і афлайн-фармаце ў праекце прынялі ўдзел каля 1000 школьнікаў.
Двухдзённы маштабны форум стартаваў з урачыстага адкрыцця ў сярэдняй школе № 18 імя Ефрасінні Полацкай.
На адкрыцці мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч акцэнтаваў увагу, што Полацак за сваю шматвяковую гісторыю стаў горадам музеяў і храмаў, фестываляў.
– Полацк – гэта горад-мудрэц, горад-асветнік, горад-працаўнік з багатым творчым патэнцыялам. У рамках святкавання Дня народнага адзінства ён гасцінна сустрэў удзельнікаў "Скарынаўскіх дзён", - падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна. - Праект аб'ядноўвае мэтанакіраваных творчых рабят з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, гатовых пакараць новыя вяршыні ведаў і творчасці. Удзел у «Скарынаўскіх днях» дае магчымасць набыць новых сяброў і бясцэнны вопыт, бліжэй пазнаёміцца са старажытным горадам, дзе кожная вуліца захоўвае памяць аб нашых земляках – Еўфрасінні Полацкай, Сімяоне Полацкім, Францыску Скарыне.
На працягу двух дзён школьнікі спаборнічалі ў Скарынаўскай алімпіядзе, якая ўключала конкурс рытараў, чытальнікаў і комплексную работу па гісторыі, спаборнічалі ў інтэлектуальных гульнях, шахматным турніры "Полацкая ладдзя", дэманстравалі свае творчыя здольнасці.
У Полацкім кадэцкім вучылішчы для моладзі была арганізавана інтэрактыўная сесія "Сіла слова: моладзь, медыя і сацыяльныя ініцыятывы". Разам з вопытнымі экспертамі з Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра, БРСМ, СМІ хлопцы абмеркавалі інфармацыйныя выклікі і інфармацыйную бяспеку, асаблівасці лічбавай камунікацыі, інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне праз сацыяльныя сеткі, развіццё руху юных карэспандэнтаў і валанцёраў.
Юнакі і дзяўчаты пабывалі на Кургане неўміручасці, у гарадскім Доме культуры, убачылі спектакль у выкананні полацкіх артыстаў, наведалі славутасці і музеі Полацка.