У Віцебску медыкі правялі ўнікальную аперацыю па замене часткі сцягна 3D-імплантам
У Віцебску правялі аперацыю па ўстаноўцы тытанавага 3D-імпланта пацыенту з вялікім дэфектам сцегнавой косткі. Гэта БелТА паведаміў галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Яўген Матусевіч.
Аперацыю правялі 45-гадоваму пацыенту. Каля двух гадоў таму мужчына атрымаў цяжкі пералом сцягна. Доўгі час ён праходзіў лячэнне ў медустанове ў Оршы, затым яго перавялі ў абласную клінічную бальніцу. Тут мужчына знаходзіцца са студзеня 2024-га.
"У пацыента былі ўскладненні ў выглядзе астэаміэліту сцегнавой косткі. Яму зроблены шэраг аперацый у некалькі этапаў - каля сямі умяшанняў. Першым этапам мы саніравалі астэаміэлітычны ачаг і выдалялі металаканструкцыю. Гэта быў працяглы перыяд, бо трэба было купіраваць інфекцыйны працэс левага сцягна", - растлумачыў загадчык аддзялення гнойнай хірургіі ВОКБ Аляксандр Глыздоў.
Фінальную аперацыю выканалі ў канцы ліпеня. Віцебскія медыкі распрацоўвалі яе сумесна з калегамі з 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска пры ўдзеле супрацоўнікаў Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Вылечыць захворванне наяўнымі на той момант метадамі не ўяўлялася магчымым. Сертыфікаваны тытанавы імплант вырабілі на 3D-прынтары ў Мінску. Як адзначыў Аляксандр Глыздоў, імпланты такіх памераў (12 см) для замяшчэння дэфекту сцегнавой косткі ва ўмовах астэаміэліту ў Віцебску ўжылі ўпершыню.
Пацыент працягвае знаходзіцца ў ВОКБ і ўжо ідзе на папраўку. Пад наглядам спецыялістаў ён вучыцца зноўку хадзіць. Выпісваць мужчыну не спяшаюцца-пра гэта можна будзе казаць, калі цалкам адновіцца функцыя і ён зможа перайсці на мыліцы альбо на кій. У бліжэйшы час мужчыну чакае шэраг даабследаванняў. Па прагнозах спецыялістаў, ён прабудзе ў бальніцы яшчэ каля месяца.
"Высокімі тэмпамі вядзецца будаўніцтва новага хірургічнага корпуса абласной бальніцы. Не чакаючы моманту яго ўвядзення ў строй, віцебскія медыкі актыўна ўкараняюць новыя прагрэсіўныя тэхналогіі ў лячэнні пацыентаў па самых розных напрамках. Адзін з такіх кірункаў-гнойная хірургія. Паступае досыць шмат пацыентаў з рознымі гнойнымі ўскладненнямі і захворваннямі касцёва-сустаўнай сістэмы. Сярод сучасных перспектыўных напрамкаў у медыцыне-выкарыстанне тытанавых 3D-імплантаў для аднаўлення парушаных функцый і замяшчэння розных касцяных дэфектаў", - адзначыў Яўген Матусевіч. Гэты метад, паводле яго слоў, мае вялікую будучыню, паколькі дазволіць аказваць дапамогу самым цяжкім катэгорыям пацыентаў з гнойнымі запаленчымі захворваннямі костак і суставаў.
Фота БелТА.