У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава, прысвечаная маючаму адбыцца 40-годдзю з дня заснавання Беларускага тэатра "Лялька", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь прадставіў у музейных залах сапраўдныя дэкарацыі, касцюмы і лялькі, а таксама макеты да спектакляў, якія выкарыстоўваліся ў рабоце на працягу 40 гадоў. Тут ёсць і самая першая афіша (спектакль "Дзед і Жораў"), і сцэнічнае ўбранне для найбольш вядомых пастановак "Лялькі", якія наведалі не адзін дзясятак краін і атрымалі Гран-пры на розных міжнародных фестывалях. Адным з папулярных з'яўляецца спектакль "Скарб" паводле твора Уладзіміра Караткевіча. "Тут можна ўбачыць арыгінальныя дэкарацыі, касцюмы Чорта і Анёла, у якіх нашы акцёры выходзілі на сцэну. Вельмі цікавыя лялькі-марыянеткі са спектакля "Хлопчык-зорка", гэтым экспанатам больш за 20 гадоў, мы іх вельмі беражліва захоўваем. На жаль, акцёраў, якія валодаюць майстэрствам работы з марыянеткамі, засталося вельмі мала, гэта справа вельмі тонкая, няпростая і патрабуе прафесійных навыкаў", - расказаў дырэктар тэатра "Лялька" Аляксандр Грыгор'еў.
Ён таксама прадэманстраваў драўляныя статуэткі анёлаў - сімвалаў "Лялечнага квартала", які праходзіць у абласным тэатры ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і збірае творчыя калектывы з розных краін, напрыклад Расіі, Казахстана. "Яны не паўтараюцца па знешнім выглядзе з году ў год, і для кожнага новага "Лялечнага квартала" іх вырабляюць некалькі экзэмпляраў, якія едуць пасля фестывалю ў розныя гарады з нашымі самымі добрымі і цёплымі пажаданнямі калегам з іншых тэатраў лялек", - падзяліўся кіраўнік тэатра.
На выставе можна ўбачыць дэкарацыі спектакляў для дарослых, а таксама шматлікія ўзнагароды творчага калектыву. Наведаць экспазіцыю, якая фактычна набліжае сцэну максімальна блізка да гледача, можна да 30 красавіка.
Да спіса