"Галоўная задача - забяспечыць бяспеку, і мы ўсё для гэтага зробім". Кубракоў аб выніках першага дня вучэнняў
Праваахоўнікі гатовы рэагаваць у любых, у тым ліку і асаблівых, умовах, адзначыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, падводзячы вынік першага дня камандна-штабных вучэнняў на тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў МУС.
"Сёння адпрацоўваліся пытанні аховы грамадскага парадку і бяспекі грамадзян у час электаральнай кампаніі. Трэніроўкі праходзяць па ўсёй краіне. Уводныя былі распрацаваны зыходзячы з магчымых горшых варыянтаў развіцця падзей. Хачу супакоіць усіх грамадзян нашай краіны: сітуацыя ў рэспубліцы спакойная і знаходзіцца пад кантролем органаў унутраных спраў. Але мы павінны быць гатовы рэагаваць у любых, у тым ліку і асаблівых, умовах. Хачу адзначыць: ніякіх перашкод для правядзення электаральнай кампаніі няма і збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты праходзіць без правапарушэнняў", - адзначыў Іван Кубракоў.
Міністр падкрэсліў, што ў ведамстве прааналізавалі і зрабілі высновы з падзей 2020 года. Сёння прымаюцца ўсе меры, каб не дапусціць уцягвання грамадзян у проціпраўную дзейнасць.
Іван Кубракоў расказаў, што ў вучэннях задзейнічаны падряздзяленні ОУС і ўнутраных войскаў. "Адпрацоўваем сумесныя дзеянні з дзяржаўнымі структурамі, асабліва сілавога блока, органамі ўлады, у тым ліку з выбарчымі камісіямі. Удакладняем усе аспекты для таго, каб кожны разумеў, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. Галоўная наша задача - забяспечыць бяспеку, каб такая абстаноўка, якая ёсць цяпер у краіне, суправаджала і правядзенне выбарчай кампаніі. І мы для гэтага зробім усё неабходнае", - дадаў ён.
Як паведамлялася раней, з 19 па 22 лістапада па даручэнні Прэзідэнта Беларусі пад эгідай Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова на тэрыторыі Беларусі праходзяць камандна-штабныя вучэнні з удзелам суб'ектаў дзяржаўнай сістэмы рэагавання. Мерапрыемствы ўключаюць тэарэтычную і практычную часткі. Этапы трэніровак запланаваны ў сталіцы, абласных і раённых цэнтрах. У ходзе вучэнняў праваахоўнікі прадэманструюць гатоўнасць да аператыўнага рэагавання на магчымыя ўскладненні абстаноўкі ў краіне ў час электаральнай кампаніі. Мэта ўводных задач - недапушчэнне праяў экстрэмізму і тэрарызму, уцягвання грамадзян у проціпраўныя дзеянні, спыненне парушэнняў грамадскага парадку.