У Беларусі больш за 41 тыс. студэнтаў і навучэнцаў адпрацавалі альбо пачалі работу ў студатрадах з пачатку года. Аб гэтым журналістам у час сустрэчы пакаленняў, прымеркаванай да Дня беларускіх студэнцкіх атрадаў, расказала камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ Надзея Шахоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Тыя, хто пабываў у студатрадах хаця б раз, ідуць зноў, каб набыць новыя знаёмствы, пападарожнічаць. А таксама за развіццём і набыццём чагосьці новага для сябе", - падкрэсліла Надзея Шахоўская.
Камандзір РШСА адзначыла, што гэты год адзначаны шэрагам знакавых падзей як у цэлым для краіны, так і асобна для студатрадаўскага руху. "Гэта 80-годдзе Вялікай Перамогі. Ёсць і наша ўнутраная дата - адпраўка першага беларускага камсамольска-маладзёжнага атрада імя Мікалая Кедышкі на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі, - дадала яна. - Сёння, у Дзень студэнцкіх атрадаў, мы сустракаемся з ветэранамі розных гадоў, каб пагаварыць, даведацца, як у іх праходзілі студатрадаўскія дні. Калі гаварыць аб датах, то 15-17 жніўня пройдзе злёт вытворчых атрадаў у Сілічах, які прысвечаны 40-годдзю гэтага напрамку работы студатрадаў".
"Мы стараемся развіваць новыя напрамкі студэнцкіх атрадаў. Спадзяёмся, што з восені ў нас пачне працаваць фінансавы атрад - у Банку развіцця. І моладзь будзе мець справу з банкаўскімі паслугамі, банкаўскімі паперамі. Гэта для нас у навінку, таму мы дэталёва вывучаем гэта пытанне, - падзялілася Надзея Шахоўская. - Упершыню на наш медыцынскі працоўны праект "Медыкус" прыехалі студэнты-медыкі з Кыргызстана. Яны ўсім цікавяцца і з радасцю спаборнічаюць з іншымі атрадамі. Наша моладзь за межы краіны выехала ў традыцыйныя месцы - Усерасійскі дзіцячы цэнтр "Арляня" і дзіцячы лагер "Марская хваля". Упершыню нашы ўдзельнікі паехалі на чыгунку ў Якуціі, гэта якраз малы БАМ, дзе калісьці працавалі іх папярэднікі. Працуюць беларускія студэнты і ў педагагічных атрадах у лагерах у Татарстане. А гэтымі днямі пяць нашых маладых людзей адправяцца на Байкал, у Іркуцк, у якасці медыкаў. Яшчэ адным новым для нас напрамкам стаў аэрапорт у Пулкава ў Расіі. Туды студэнты Акадэміі авіяцыі паедуць працаваць аператарамі паветраных шляхоў, будуць абслугоўваць кліентаў у аэрапорце".
Да спіса