Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па сінім
Навіны Рэспублікі
05.08.2025

У Беларусі завяршаюць распрацоўку праграмы "Якасць 2026-2030"

У Беларусі завяршаюць распрацоўку праграмы "Якасць 2026-2030". Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні Дзяржстандарту Аляксандр Бурак у час семінара на тэму "Уплыў якасці прадукцыі на ўстойлівае развіццё эканомікі ў сучасных умовах", які прайшоў у Бабруйскім райвыканкаме, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Аляксандр Бурак адзначыў, што эканоміка краіны складаецца з эканомікі рэгіёнаў, якую фарміруюць прадпрыемствы ўсіх форм уласнасці. "Бабруйскі раён заўсёды быў важным прамысловым рэгіёнам, і мы бачым тут патэнцыял і перспектывы развіцця. Перш за ўсё ў тым, каб фарміраваць сучасныя інавацыйныя патрабаванні да прадукцыі, якая будзе канкурэнтная як у краіне, так і за яе межамі. Гэта работа з'яўляецца асновай у развіцці інфраструктуры якасці ў краіне. Выпускаць сёння незапатрабаваную прадукцыю недапушчальна. Таму пастаўлена задача па падтрыманні і распрацоўцы сучасных патрабаванняў, у тым ліку з удзелам прадпрыемстваў прамысловасці", - абазначыў прыярытэт першы намеснік старшыні Дзяржстандарту.

З гэтай мэтай у краіне забяспечана магчымасць удзелу ўсіх зацікаўленых бакоў у рабоце тэхнічных камітэтаў па стандартызацыі на розных узроўнях. Гэтыя ўтварэнні з'яўляюцца тымі пляцоўкамі, дзе непасрэдна распрацоўваюцца і абмяркоўваюцца патрабаванні ў тым ці іншым сегменце рынку. Быць уключаным у гэты вызначальны для любой арганізацыі працэс сёння можна, што называецца, не выходзячы з кабінета. "У прадпрыемстваў рэгіёна ёсць патэнцыял для такой работы, але яны пакуль недастаткова актыўныя. Акрамя таго, мы прапануем развіваць вашы кампетэнцыі і экспартныя магчымасці за кошт развіцця інфраструктуры якасці ў рэгіёне, якая сканцэнтравана ў Бабруйскім ЦСМС. Цяпер на завяршальным этапе знаходзіцца распрацоўка праграмы "Якасць 2026-2030", у якой у тым ліку прадугледжана рэалізацыя мерапрыемстваў у рэгіёнах", - дадаў Аляксандр Бурак.

Начальнік упраўлення эканомікі Бабруйскага гарвыканкама Ганна Рудзько падкрэсліла, што прадукцыя прадпрыемстваў горада канкурыруе і займае лідзіруючыя пазіцыі на рынках, таму што ў ёй спалучаюцца нацыянальныя традыцыі, бяспека і якасць. "Нашы прадпрыемствы захавалі і падтрымліваюць сваю прыхільнасць да стандартаў, забяспечваюць выкананне патрабаванняў на ўсіх этапах вытворчасці. У 2024 годзе прадукцыя ААТ "Белшына" была ўдастоена Дзяржаўнага знака якасці. Такімі прадпрыемствамі, як ААТ "Чырвоны харчавік", Бабруйскі завод алею, ААТ "ФанДАК", УП "Універсал Бабруйск", ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш" і ААТ "Белшына", накіраваны заяўкі на прысваенне знака выпускаемай імі прадукцыі ў бягучым годзе. Мы ўпэўнены, што прадукцыя вытворцаў горада будзе адзначана, а цяперашняе мерапрыемства прадоўжыць плённую работу ў гэтым напрамку", - сказала яна.

Як адзначылі ў Дзяржстандарце, існуючыя дасягненні прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна ў галіне якасці даюць магчымасць спадзявацца на тое, што да 9 прадпрыемстваў, якія сёння ўдзельнічаюць у рабоце 7 з 44 нацыянальных тэхнічных камітэтаў па стандартызацыі, актыўна далучацца і іх калегі. Такое жаданне, дарэчы, не так даўно выказалі яшчэ некаторыя прадпрыемствы, заявіўшы аб сваёй зацікаўленасці ўдзельнічаць у тым ліку і ў міждзяржаўных тэхнічных камітэтах у галіне будаўніцтва.

Уплыў якасці прадукцыі на ўстойлівае развіццё эканомікі ў сучасных умовах на ўнутраным і знешнім контурах прадставіў удзельнікам семінара Віктар Назаранка, які займаў пасаду члена Калегіі (міністра) па тэхнічным рэгуляванні ЕЭК у 2018-2024 гадах. Гаворачы пра складнікі канкурэнтаздольнасці прадукцыі, ён падкрэсліў: гэта такая прадукцыя, якая бяспечная, што з'яўляецца абавязковай умовай выхаду на рынак, якасная - мае ўзровень характарыстык, патрэбны спажыўцу, і мае аптымальную цану. Прычым на розных рынках суадносіны цана - якасць розныя. І гэта важна ўлічваць пры прапрацоўцы канкрэтных рынкаў пастаўкі прадукцыі.

Адзначаючы бясспрэчныя перавагі тэхнічнай інтэграцыі на прасторы ЕАЭС за мінулыя больш як 10 гадоў, якія выявіліся ў адзіных патрабаваннях да прадукцыі і адзіных дазвольных дакументах на яе, што забяспечваюць свабоду руху больш як 85 працэнтаў тавараў, Віктар Назаранка абазначыў і слабыя месцы. Сярод іх, напрыклад, пытанні добрасумленнасці ў сферы ацэнкі адпаведнасці прадукцыі, абароны рынку ад небяспечных тавараў, для вырашэння якіх краіны прымаюць меры, але іх пакуль недастаткова. Спікер заклікаў удзельнікаў семінара пастаянна займацца якасцю. Нягледзячы на тое, што яна заўсёды патрабуе затрат, прычым гэтыя затраты маюць адкладзены эфект.

Сярод напрамкаў дзейнасці, на якія трэба звярнуць увагу, Віктар Назаранка назваў укараненне новых інструментаў сістэмнага менеджменту і павышэнне эфектыўнасці дзеючых сістэм, уключанасць кіраўнікоў у гэту работу. Таксама трэба асвойваць інавацыйныя паказчыкі прадукцыі і прапаноўваць іх як стандарт, задаючы гэту высокую планку рынку і тым самым быць лідарам сярод сваіх канкурэнтаў. Важнай і актуальнай, на яго думку, з'яўляецца наяўнасць экспертнай пляцоўкі міжнароднага ўзроўню, дзе прадстаўнікі прамысловасці і арганізацый інфраструктуры якасці маглі б збірацца, абмяркоўваць праблемы, якія існуюць, і выпрацоўваць шляхі іх вырашэння, дзяліцца вопытам і кампетэнцыямі. Такая пляцоўка - Міжнародная асацыяцыя "Цэнтр падтрымкі якасці экспартнай прадукцыі" - хутка будзе зарэгістравана ў Беларусі.

Стандартызацыя, метралогія, выпрабаванні прадукцыі, ацэнка адпаведнасці як складнікі інфраструктуры якасці - такой была тэма выступлення дырэктара Бабруйскага ЦСМС Анатоля Навумчыка. Кіраўнік цэнтра падрабязна расказаў аб дасягненнях і перспектывах работы. "Напрыклад, вобласць акрэдытацыі органа па сертыфікацыі прадукцыі ўключае 19 тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС (Мытнага саюза), а таксама нацыянальныя патрабаванні ў галіне харчовай прадукцыі, будаўніцтва, кармоў. Пастаянна набываюцца новае эталоннае абсталяванне і прыборы, дзякуючы чаму паляпшаюцца вымяральныя і выпрабавальныя магчымасці лабараторый, асвойваюцца новыя віды праверак, калібровак і выпрабаванняў. Асноўныя спажыўцы паслуг цэнтра - прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, нафтахіміі, энергетыкі, машынабудавання, харчовай галіны, аховы здароўя, адукацыі. Адгукнуліся прадпрыемствы рэгіёна і на ўкараненне інструментаў беражлівага менеджменту. У іх ліку ААТ "Белшына", ААТ "ТАіМ", ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Бабруйскаграмаш", ЗАТ "Легпрамразвіццё", - расказаў ён.

Адзначаючы ўдзел у конкурсным руху, Анатоль Навумчык заклікаў прадпрыемствы павысіць сваю актыўнасць. "Вамі пры ўдзеле вопытных кваліфікаваных спецыялістаў выпускаецца прадукцыя шырокага асартыменту і высокага ўзроўню, з якой можна не толькі ўдзельнічаць, але і перамагаць", - дадаў ён.

БелТА

Да спіса