Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Шумилинский районный исполнительный комитет
Главная / Молодому специалисту / Молодые кадры Шумилинщины
30 июля 2014

Дар’я Красінская стварае лепшыя ў вобласці маляванкі

Дар’я стварае лепшыя ў вобласці маляванкі

Майстрам па традыцыйным роспісе працуе ў Доме рамёстваў Дар’я Красінская.

Працуе першы год, але ўжо заявіла пра сябе як таленавіты, арыгінальны творца. Дзяўчына скончыла Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў па спецыяльнасці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а трапіўшы па размеркаванні на Шуміліншчыну, стала займацца традыцыйным роспісам. Яна ўдасканальвала сваё майстэрства на курсах павышэння кваліфікацыі па гэтым накірунку.

Дар’я распісвае дэкаратыўныя бутэлькі, велікодныя яйкі, пано, працуе па дрэве і шкле. Але прызнаецца, што скарыла яе сэрца маляванка – роспіс па тканіне. Майстар мае свой асаблівы почырк: распісвае толькі чорную тканіну, бо лічыць, што цёмны фон больш дакладна перадае ўсю прыгажосць колераў. Яна малюе акрылавымі фарбамі, прымяняе трафарэты і штампы, свабодны роспіс пэндзлем.

Ганарыцца тым, што працягвае традыцыі роспісу, якія дасталіся нам у спадчыну ад нашых бабуль. Дзяўчына выдатна малюе, а таму сама распрацоўвае эскізы для сваіх работ. Любімым матывам майстра з’яўляюцца кветкі, якія яна дапаўняе вазамі, птушкамі, пейзажамі.

У яе калекцыі ёсць нават маляванка з выявай будучага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы.

У майстра наогул ужо даволі шмат работ, з якімі яна ўдзельнічае ў раённых і абласных выставах і конкурсах.

Дар’я Красінская прымала ўдзел у раённым і абласным турах II Рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, у якім заняла трэцяе месца. У конкурсе па традыцыйным роспісе, які праходзіў у рамках апошняга “Славянскага базару”, яна стала лаўрэатам у намінацыі “Творчы дэбют”.

Малады майстар прызнаецца, што працаваць у Шуміліне ёй падабаецца. Хочацца пажадаць Дашы бясконцага натхнення, творчага гарэння і новых перамог.

Все новости