Молодёжный лидер Павел Гусаков
«Моладзі падабаюцца нестандартныя рашэнні»
Любая грамадская арганізацыя трымаецца на лідарах. Можна сказаць, што пашанцавала з такім лідарам пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ў Шумілінскай СШ №2.
За два гады работы настаўнікам гісторыі Павел Гусакоў заслужыў аўтарытэт сярод калег і вучняў, які цяпер працуе на карысць грамадскай арганізацыі. Кампетэнтны, ініцыятыўны, справядлівы, спакойны і ўраўнаважаны.
Вось ужо трэці месяц Павел Гусакоў – сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ школы, і гэтага часу хапіла, каб вучні пацягнуліся ў арганізацыю.
“Моладзі падабаюцца нестандартныя рашэнні. Не павінна быць фармалізму, – дзеліцца Павел. – Калі ведаеш інтарэсы маладых, то яны і пацягнуцца да цябе”.
Пабегаць з вучнямі ў футбол ці валейбол – калі ласка, адправіцца на экскурсію – няма пытанняў, паспаборнічаць у турніры па лазертагу ці пагуляць у Клубе вясёлых і знаходлівых – заўсёды гатовы.
Багата планаў на будучае ў сакратара пярвічкі Паўла Гусакова. Тым больш, што гэта пярвічная арганізацыя для яго сапраўды родная, бо ён уступіў у яе, калі сам вучыўся ў СШ №2.