«Жывая нітка традыцый» — пад такой назвай у Шумілінскім раённым доме рамёстваў прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі.
Мерапрыемства пачалося з адкрытай і давернай размовы паміж старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам, намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай і маладымі прадстаўнікамі розных сфер, якія ўжо амаль год працуюць на карысць раёна. Дзе жыць? Дзе гуляць? Чым займацца ў вольны час? Пытанні, якія хвалююць сучасную моладзь.
У ходзе дыялогу стала вядома, што праблем з жыллём у маладых спецыялістаў няма. Тыя, хто пражываюць на здымным жыллі, на гэтыя расходы маюць своечасовыя даплаты ад арганізацый. Для заняткаў спортам і здаровага ладу жыцця ў Шуміліне працуе фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, для забаўляльнага і вячэрняга жыцця – Шумілінскі раённы цэнтр культуры, па пятніцах і суботах – кафэ «Метан». Для жадаючых адкрыць для сябе новыя месцы і лепш даведацца пра раён свае паслугі прадастаўляе інфармацыйны турыстычны цэнтр.
На пытанне ад кіраўніка раёна, якое тычыцца настаўніцтва на працоўных месцах, маладыя спецыялісты адказалі станоўча. Практычна ў кожнага ёсць старэйшы, як правіла, больш вопытны супрацоўнік, які дапамагае разабрацца ў нюансах і спецыфіцы прафесіі.
Мікалай Аляксеевіч, звяртаючыся да маладых кадраў раёна, пажадаў ім расці вышэй па прафесіі, станавіцца патрыятычна ўмацаванымі і не баяцца звяртацца да дапамогай і парадай.
Дзякуючы арганізатарам мерапрыемства, спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, а таксама гаспадарам прадстаўленай пляцоўкі для сустрэчы, супрацоўнікам і майстрам Дома рамёстваў, яркай і цікавай часткай стала экскурсія па кабінетах майстроў. Маладыя спецыялісты мелі цудоўную магчымасць дакрануцца ў прамым сэнсе да народнай творчасці, убачыць, як вырабляюцца аўтарскія і тэатральныя лялькі, даведацца пра ўнікальную тэхналогію чорназадымленай керамікі, амаль забытую і адноўленую тэхніку вырабу саламяных павукоў народным майстрам Беларусі Наталляй Сцержанковай, ужывую ўбачыць і пакратаць вырабы з лазы, тканыя паясы, вышытыя ручнікі і касцюмы, даведацца пра лапікавую тэхніку і выцінанку.
Вольга Загвоздава, майстар-носьбіт нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, кіраўнік народнай студыі «Спадчына», правяла майстар-клас па стварэнні закладкі для кнігі метадам набойкі з выкарыстаннем спецыяльных штампаў з арнаментамі і фарбы.
Пазнавальны і прадуктыўны дзень завяршыўся агульным фота на памяць і планаваннем наступнай сустрэчы ў новым месцы.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
Смотреть все