Дела и люди
19.09.2014

Доска почета Шумилинского района. Станислав Муравьёв

“Я грошы траціць не люблю”

Станіслаў Пятровіч Мураўёў прызнаецца, што работа ў яго складаная: ён трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу ДЛГУ “Шумілінскі лясгас”.

Не кожны фізічна вытрымае нагрузку, якая ляжыць на ім з дня ў дзень ужо 15 гадоў. Ва ўсялякім разе, не ўсякі малады можа заняць яго месца.

Вынослівасць, вытрымка і цягавітасць – гэта рысы, што вызначаюць, як правіла, мужчыну, багатага на жыццёвы вопыт, на пражытае і перажытае. І Станіслаў Пятровіч пакідае ўражанне чалавека, якому пад сілу справіцца з любой мужчынскай работай. У лесе ён адчувае сябе выдатна, ён упэўнены ў сваіх сілах, у прафесіяналізме. Яго не могуць збянтэжыць ні дрэннае надвор’е, ні непадступная дзялянка, ні якія іншыя асаблівыя ўмовы працы.

“А што мая работа? Ездзі па лесе, збірай дрэвы і вывозь на дарогу – вось і ўсё”, – дае кароткае азначэнне сваёй дзейнасці трактарыст. А тое, што цяжка, – даўно прывык. Затое і аплачваецца такая праца дастойна. Мужчына не скардзіцца. А на пытанне, на што траціце грошы, адказвае проста: “Я грошы траціць не люблю”. Такая ашчаднасць дазволіла здзейсніцца яго даўняй мары – у мужчыны з’явілася добрае аўто. Разам з гэтым, С. П. Мураўёў – чалавек сціплы, ён не прывык хваліцца сваімі дасягненнямі, не прывык адчуваць увагу да сваёй асобы. Ён нешматслоўны, але ў той жа час – пераканаўчы.

Смотреть все