Новости прокуратуры
21.02.2025

З раблемай трэба змагацца разам

Алкагалізацыя насельніцтва, распаўсюджанне п’янства – сур’ёзная негатыўная з’ява, якая з’яўляецца прычынай многіх сацыяльных праблем. Менавіта ў стане алкагольнага ап’янення здзяйсняецца большасць злачынстваў і правапарушэнняў, здараецца пажараў, на якіх гінуць людзі. П’янства наносіць непапраўную шкоду здароўю людзей і выклікае дадатковыя выдаткі дзяржавы на іх лячэнне. П’янства бацькоў з’яўляецца асноўнай падставай пастаноўкі сям’і ў сацыяльна небяспечнае становішча і сацыяльнага сіроцтва.

Што рабіць? Як вырашаць сур’ёзную сацыяльную праблему? На гэтыя і іншыя пытанні спрабавалі знайсці адказы ўдзельнікі «круглага стала» «Праблемы залежных паводзін, звязаных з алкагалізацыяй насельніцтва і шляхах выхаду з сітуацыі», які прайшоў у аграгарадку Слабада. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі ўлады, праваахоўных органаў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, адукацыі, сацыяльнай і медыцынскай службаў, грамадскасці, жыхары аграгарадка, а таксама запрошаныя асобы, схільныя да злоўжывання алкаголем, што пражываюць у Сіроцінскім сельсавеце.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч пачаў размову з правакацыйнага пытання: «Што рабіць: змагацца з п’янствам ці плыць па цячэнні?» і ак­рэсліў кола праблем самага рознага характару, якія звязаны прама ці ўкосна з алкагалізацыяй насельніцтва. Мікалай Аляксеевіч падкрэсліў, што з гэтымі праблемамі трэба працаваць комплексна, усім грамадствам. Трэба, каб чалавек сам захацеў жыць цвяроза, не злоўжываць алкаголем. «Гэтае мерапрыемства першае з плануемых у кожным сельсавеце. Мэта гэтага “круглага стала” – паспрабаваць знайсці шляхі вырашэння названых праблем», – сказаў кіраўнік раённага дэпутацкага корпусу.

Урач-нарколаг Усевалад Яско расказаў пра механізмы ўзнікнення залежнасці ад алкаголю, якія падобныя да залежнасці ад наркотыкаў. Паспрабаваў акрэсліць асноўныя прычыны, якія штурхаюць людзей да алкаголю. Дарэчы, ён, як і многія выступоўцы, спрабаваў весці дыялог з прысутнымі, уцягваў іх у інтэрактыўную гутарку. Медык папрасіў не баяцца ўрача-нарколага, бо яго задача – дапамагчы вырвацца з алкагольнага палону. Ён нагадаў свой рабочы тэлефон 5-05-30 і рэжым работы: з 8.00 да 16.00, а па чацвяргах з 11.00 да 19.00.

Святар касцёла Маці Божай Фацімскай Яўген Шымановіч расказаў пра таварыства ананімных алкаголікаў, што дзейнічае пры касцёле, нагадаў, што каб пазбавіцца ад залежнасці, чалавек павінен сам прызнаць наяўнасць у сабе праблемы і мець найвялікшае жаданне пазбавіцца ад яе.

Начальнік РАУС Леанід Навіцкі расказаў, што з 8 злачынстваў, якія здзейснены ў мінулым годзе ў сельсавеце, 7 учынены ў п’яным стане. На прафілактычным уліку ў аддзеле знаходзіцца 10 жыхароў сельсавета.

Намеснік пракурора Шумілінскага раёна Лізавета Асіпенка прадоўжыла тэму, адзначыўшы, што суб’екты прафілактыкі часта некалькі гадоў вядуць работу з нядбайнымі бацькамі, спрабуюць вярнуць іх да правільнага жыцця, каб дзеці выхоўваліся ў родных сем’ях. Пракурор задала слушнае пытанне: «Дык ці трэба дзяцей па некалькі разоў забіраць і вяртаць, трымаць у стрэсавым стане, ці лепш адразу змяшчаць дзяцей у годныя ўмовы нармальных, няхай і прыёмных сямей?». Яна прывяла прыклады, калі дзяцей па 3-4 разы адбіраюць і вяртаюць бацькам, але часцей за ўсё вынік адзін – дзяцей уладкоўваюць у прыёмныя ці апякунскія сем’і, бо родныя бацькі ніяк не могуць справіцца з алкагольнай залежнасцю.

Намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Красоўскі нагадаў, што курэнне ў стане алкагольнага ап’янення з’яўляецца адной з асноўных прычын пажараў і гібелі людзей ў агні, нагадаў правілы бяспечных паводзін.

Якія крокі трэба зрабіць для таго, каб пачаць змагацца з алкагалізмам, паказала ў відэапрэзентацыі псіхолаг ТЦСАН Марына Сматрыцкая.

Падсумоўваючы размову, старшыня Сіроцінскага сельскага Савета дэпутатаў Аксана Шынкевіч заўважыла, што гэтая гутарка стала першай, магчыма, яна прымусіць некаторых задумацца і пачаць рабіць пэўныя крокі да цвярозага жыцця, а ў выніку будуць выпрацаваны прапановы, якія дапамогуць зрабіць прафілактычную работу больш дзейснай і эфектыўнай.

Смотреть все